БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,

грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).

На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)